Не вайне! | Нет войне! | Ні війні! | No war!

Гродзенскі "Рок-Клуб" / Grodno's Rock-Club

Культурна-асветніцкая ўстанова «Гродзенскі рок-клуб» была зарэгістравана Гродзенскім гарвыканкамам 23 траўня 2014 года. Рэгістрацыйны нумар: 591016143. Асноўнымі мэтамі Ўстановы, згодна Стату, з’яўлялася спрыянне развіццю некамерцыйнай мастацкай творчасці, падтрымка аматарскага мастацтва, іншай самадзейнай творчай ініцыятывы і сацыяльна-культурнай актыўнасці насельніцтва, задавальненне культурных запытаў і духоўных патрэбаў насельніцтва. Прадметам дзейнасці Ўстановы з’яўлялася спрыянне развіццю ініцыятыў сацыяльна-культурнага, асветніцкага і забаўляльнага характару, даступных для шырокіх слаёў насельніцтва. Асноўным элементам працы арганізацыі з’яўлялася міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне незалежнай моладзевай музыкі. За гады свайго існавання КАУ «Гродзенскі рок-клуб» было арганізавана шматлікая колькасць канцэртаў з удзелам замежных гуртоў (між. іншым з Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, Італіі, Швецыі, ЗША, Ізраіля); а таксама здзейсненая дапамога для шматлікіх прадстаўнікоў андэграўндавай беларускай сцэны ў выездзе за мяжу, каб там прадставіць сваю творчасць.



Нязменным дырэктарам КАУ «Гродзенскі рок-клуб» з'яўляўся вядомы гарадзенскі музыка Ігар Банцэр. 20 кастрычніка 2020 г. ён быў арыштаваны і абвінавачаны ў хуліганстве за танец у стрынгах перад міліцыянтам 5 верасня 2020 году. Відэа свайго перформэнсу Банцэр сам выклаў на сваю старонку ў Фэйсбук (!!! відэа !!!). Банцэра пяць месяцаў трымалі ў адзіночнай камеры, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Мінск, неаднаразова змяшчалі ў карцэр. 19 сакавіка 2021 г. суддзя Суда Ленінскага раёна г. Гродна Н.Г.Козел прызнала Ігара Банцэра вінаватым у хуліганстве і прысудзіла яму 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Для адбыцця пакарання Банцэр быў накіраваны ў ПУАТ № 9 г. Віцебска. Падчас знаходжання на т.зв. "хіміі" ён спаткаўся з перадузятым стаўленнем з боку адміністрацыі папраўчай установы. За ягоны ракенрольны вобраз жыцця ён быў неаднаразова пакараны штрафной ізаляцыяй, правёўшы за паўгады 82 дні ў карцэры.



У той час, калі Ігар Банцэр адбываў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі, Гродзенскі гарвыканкам на падставе рашэння №520 ад 23 ліпеня 2021 г. ліквідаваў Культурна-асветніцкую ўстанову «Гродзенскі рок-клуб». Канчаткова з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрыймальнікаў КАУ «Гродзенскі рок-клуб» быў выкрэслены 31 снежня 2021 г.. З канцом 2021 году спыніў сваё існаванне і «Гродзенскі рок-клуб»...



...нягледзячы на тое, што нашая культурна-асветніцкая ўстанова больш не існуе фармальна, а сама краіна Беларусь знаходзіцца ў перманентным стане палітычнага крызісу, пачынаючы з сярэдзіны 2020 г. мы верым, што такія рэчы, як Гуманнасць, Чалавечнасць, Спагадлівасць ёсць трансцэндэнтнымі вартасцямі і яны не залежаць ад аднамаментнай кан'юнктуры. Плюралізм поглядаў і свабода выказвання – вось той фундамент на якім варта будаваць сучаснае грамадства. Сярэднявечныя забабоны і суб’ектыўныя страхі, такія як расізм, нацыяналізм, ксенафобія ігд. мы лічым ненатуральнымі і непрымальнымі для адукаваных людзей XXI стагоддзя. Таму мы і далей будзем працаваць над тым, каб спрыяць адукацыі моладзі (але не толькі!), каб пашыраць творчую прастору, матываваць простых людзей да творчасці, каб змяняць свет вакол сябе да лепшага, выходзячы за стандартныя рамкі вельмі няпростага (а часам наўпрост небяспечнага!) штодзённага шэрага існавання ў сённяшняй Беларусі... Наіўныя словы? Напэўна! Затое - шчырыя!... Усім - Мір!!!

КАНТАКТ З НАМІ/ CONTACT US



Не вайне! | Нет войне! | Ні війні! | No war!